У літаратурным музеі Максіма Багдановіча працуе выстава мастацкіх твораў вядомых скульптараў Льва і Сяргея Гумілеўскіх.
Творы вядомых скульптараў Льва і Сяргея Гумілеўскіх даўно ўвайшлі ў скарбніцу беларускай культуры. Працы, створаныя таленавітымі рукамі бацькі і сына адносяцца да розных жанраў і відаў, але ўсе яны аб’яднаныя адной тэмай – тэмай любові да Беларусі, якая з’яўляецца невычарпальнай крыніцай натхнення… Яны даўно ўвайшлі ў скарбніцу беларускай культуры, з’яўляюцца своеасаблівым манументальным летапісам беларускага мастацтва ХХ-ХХІ стст., упрыгожваюць гарады, захоўваюцца ў фондах вядомых музеяў Беларусі і замежжа.
Сумесная творчасць скульптараў вылілася ў прыгожыя помнікі Кірылу Тураўскаму (Гомель), Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу (Бабруйск), Францішку Багушэвічу (Смаргонь), Вацлаву Ластоўскаму (Глыбокае). Прыгожы помнік Максіму Багдановічу, аўтарамі якога сталі Леў і Сяргей Гумілеўскія, паўстаў у месцы спачыну паэта ў Ялце, у 2013 годзе.
На сённяшні дзень справу народнага мастака Беларусі Льва Гумілеўскага працягвае яго сын. Ён беражліва захоўвае мастацкую спадчыну Льва Мікалаевіча і працягвае ствараць новыя творы.
Выстава працягнецца па 18 лістапада 2022 года.
Час працы: аўторак-нядзеля, з 10:00 да 18:30
Адрас:
г. Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а (Літаратурны музей Максіма Багдановіча)
Тэлефон: +375 17 355 22 95


