22 лістапада адзначаецца Дзень сыноў. З гэтай нагоды ў парку гісторыі «Сула» выходныя прысвецяць гісторыі мужчынскага выхавання, адукацыі і традыцый, а таксама асобам, чый жыццёвы шлях пакінуў прыкметны след у беларускай гісторыі.
Праграма «Сыны Беларусі» аб’яднае некалькі тэматычных сустрэч.Выхаванне хлопцаў на Беларусі – адну з галоўных тэм раскрыюць праз творчасць Уладзіміра Караткевіча. У яго творах можна знайсці згадкі пра старадаўнія традыцыі выхавання і адукацыі. Сустрэча адбудзецца ў калегіуме.
120 гадоў з дня нараджэння Станіслава Вількоцкага – яшчэ адна нагода ўспомніць чалавека, які нарадзіўся ў Рубяжэвічах і прысвяціў жыццё развіццю заснаванай ім фітааптэкі. У аптэцы наведвальнікам раскажуць пра яго дзейнасць, спадчыну і традыцыі лячэння лекавымі травамі.
Асобная частка праграмы будзе прысвечана коням і іх ролі ў жыцці чалавека. Каля стайні можна будзе пазнаёміцца з традыцыямі падрыхтоўкі коней для працы і кавалерыйскай службы – ад XIX стагоддзя да нашых дзён. Таксама тут прадэманструюць выставу конскай збруі і сёдлаў, а для наведвальнікаў падрыхтуюць тэматычныя віктарыны.
Даведкі: +375 29 613 77 01.


