28 чэрвеня ў Дукорскім маёнтку адбудзецца тэматычнае свята «Купалле». Для гасцей падрыхтавалі насычаную праграму, якая дазволіць акунуцца ў атмасферу беларускай культуры, народных традыцый і летніх забаў.
Мерапрыемства будзе праходзіць з 14:00 да 22:30 на некалькіх тэматычных пляцоўках.
-
На пляцоўцы каля сцэны запланаваны народныя гульні і забавы, традыцыйныя танцы, выступленні музыкаў, батлеечная пастаноўка «Купальскае шчасце».
-
На тэрыторыі майстар-класаў можна паўдзельнічаць у стварэнні зёлкавых пано, лялек-мотанак, арома-сашэ і духмянай солі з алеямі. Таксама будуць арганізаваны заняткі па пляценні паясоў на пальцах і вырабе завушніц з бісеру ў выглядзе саламяных павукоў.
-
Асобная пляцоўка будзе прысвечана лекцыям і знаёмству з беларускай культурнай спадчынай. У праграме — размовы пра беларускую міфалогію, традыцыйны жаночы строй, навіванне наміткі і купальскія песні.
-
На інтэрактыўных пляцоўках вас чакаюць купальскі квэст з падарункамі, пляценне вянкоў, арт-тэрапія, роспіс цела хной і традыцыйныя варожбы.
Кульмінацыяй свята стане вечаровая праграма каля вогнішча. Яна ўключае выбары Купалінкі і Купаліша, факельнае шэсце, запальванне купальскага кола, карагоды, танцы, запуск вянкоў на ваду і скачкі праз агонь.
Арганізатары адзначаюць, што ў праграме магчымыя змены.
Акрамя тэматычных мерапрыемстваў, з 10:00 на тэрыторыі комплексу будуць працаваць гістарычная брама XIX стагоддзя, музей, рамесныя майстэрні, перавернуты дом, сярэднявечны гарадок, заасад, выстава рэтрааўтамабіляў і Дуб жаданняў. А 12:00 адбудзецца аглядная экскурсія па музеі гісторыі сядзібы і рамесных майстэрнях.
Кошт уваходных білетаў: 35 BYN для дарослых і 15 BYN для дзяцей ад 7 да 17 гадоў. Для асобных катэгорый наведвальнікаў прадугледжана бясплатнае наведванне. Падпісчыкі сацыяльных сетак Дукорскага маёнтка могуць скарыстацца зніжкай у 10 %.
Для жадаючых будзе арганізаваны трансфер з Мінска. Адпраўленне ад станцыі метро «Магілёўская» запланавана на 13:00 і 16:00, зваротны рэйс з маёнтка — у 23:00. Кошт праезду ў адзін бок складае 10 рублёў. Папярэдні запіс абавязковы.Акрамя таго, з 11:00 да 20:00 за дадатковую плату будуць даступныя вяровачны гарадок, сярэднявечны цір, лодкі, катамараны і катанне на конях.
Свята пройдзе па адрасе: аграгарадок Дукора, вуліца Школьная, 15, за 30 кіламетраў ад Мінска.


