V міжнародны купальскі фестываль «Свята Сонца» адбудзецца ў «Дудутках»

14 / 06 / 22

18 – 19 чэрвеня 2022 на тэрыторыі музейнага комплексу «Дудуткі» адбудзецца пяты міжнародны купальскі фолк-фестываль «Свята Сонца».

Адметнасцю селетняга фестывалю стане дэталёвая рэканструкцыя старажытных купальскіх традыцый і абрадаў свята, прысвечаных аднаму з асноўных яго сімвалаў – агню!

Святочная праграма «Свята Сонца»

Гасцей чакае шмат цікавых мерапрыемстваў.

Фестываль агню і піратэхнікі

Сваё майстэрства прадэманструюць каманды вогненнага шоў з усёй Беларусі. Для ўдзельнікаў фестывалю піратэхнікі і агню пройдуць майстар-класы і навучальныя семінары.

Оpen-air канцэрт

Для гасцей выступяць фолк- і фолк-рок-музыкі, а таксама гурты сумежных напрамкаў: Pawa, Тутэйшая Шляхта, Guda, Aquamorta, Бан-Жвірба, Хмельны Вір, KaS.

Этнапляцоўкі

Тут можна будзе прыняць удзел у традыцыйных абрадах святкавання Купалля, варажбе, пляценні і запуску вянкоў па вадзе і г.д.

Кірмаш майстроў-рамеснікаў

Удзельнікі прапануюць гасцям вырабы традыцыйных рамесных майстэрняў: сярэднявечныя ўпрыгожванні, посуд, ганчарныя і каваныя вырабы, вырабы з лёну, нацыяльнае адзенне, сувеніры, рэквізіт для вогненнага шоў і г.д.

Iнтэрактыўныя і спартыўныя зоны

Для гасцей падрыхтаваны больш за 20 лакацый і атракцыёнаў: лучны і арбалетны цір, сярэднявечныя і народныя гульні, шатландская пляцоўка «Гульні горцаў», дзіцячая пляцоўка, пляцоўка «Героі: Батлгеймінг», настольныя гульні, «archery battle», іншыя.

Абрадавыя і забаўляльныя інтэрактывы на працягу ўсяго фестывалю

Можна будзе прыняць удзел у паласе перашкод у межах купальскага квэсту «Папараць-Кветка», а таксама ўбачыць выступы танцавальных і музычных калектываў, вулічных тэатраў, факіраў, перфомансы на купальскую тэму, майстар-класы па традыцыйных танцах і г.д.

Кулінарныя майстар-класы

У мясцовай карчме можна будзе павучыцца кулінарнаму майстэрству, а яшчэ паспрабаваць стравы традыцыйнай беларускай кухні.

Пасля асноўнай праграмы ў 1:30 удзельнікі і госці імпрэзы факельным шэсцем пройдуць да берагу ракі Пціч, дзе пад гукі старажытнай музыкі традыцыйна запалае агонь, а ўсе жадаючыя скокнуць праз ачышчальнае вогнішча і пусцяць па вадзе вянкі.

Дзе спыніцца пад час фестывалю

З 17 па 20 чэрвеня 2022 года на тэрыторыі фестывалю будзе дзейнічаць намётавы лагер для гасцей і ўдзельнікаў: размяшчэнне ў намётах, прадстаўленых арганізатарамі, ці можна ўсталяваць уласны на тэрыторыі лагера.

Лагер цалкам абсталяваны ўсім неабходным: біяпрыбіральнямі, вадой, вывазам смецця, пракатам мангалаў, дроў і г.д. Побач будзе працаваць фудкорт, а таксама абсталяваная паркоўка.

Як дабрацца

Для зручнасці гледачоў будуць арганізаваныя дадатковыя аўтобусныя рэйсы па маршруце «Мінск – Дудуткі – Мінск» і бясплатны трансфер па маршруце «Рудзенск – Дудуткі – Рудзенск».